Бг. 2.47

कर्मण्येवाधिकारस्ते मा फलेषु कदाचन ।
मा कर्मफलहेतुर्भूर्मा ते सङ्गोऽस्त्वकर्मणि ॥ ४७ ॥
карманй эвадхікарас тэ
ма пхалешу кадачана
ма карма-пхала-хетур бхур
ма тэ санго ’ств акармані

Паслоўны пераклад

кармані — у прадпісаных абавязках; эва — безумоўна; адхікарах — права; тэ — цябе; ма — не; пхалешу — у пладах; кадачана — калі б там ні было; ма — не; карма-пхала — вынікамі дзейнасьці; хетух — які падахвочваецца; бхух — будзь; ма — не; тэ — цябе; сангах — прыхільнасьць; асту — хай будзе; акармані — у адмове ад выкананьня свайго абавязку.

Пераклад

Ты можаш выконваць прадпісаныя табе абавязкі, але ў цябе няма права цешыцца пладамі сваёй працы. Ніколі не лічы, што вынікі тваіх дзеяньняў залежаць ад цябе, але пры гэтым і не адмаўляйся ад выкананьня сваіх абавязкаў.

Камэнтар

У гэтым вершы разглядаюцца тры пытаньні: абавязкі, прадпісаныя шастрамі, дзеяньні па ўласным меркаваньні і бязьдзейнасьць. Прадпісаныя абавязкі – гэта дзейнасьць у адпаведнасьці з гунамі прыроды, пад уплывам якіх знаходзіцца дадзены чалавек. Да дзеяньняў па ўласным меркаваньні адносяць тыя, якія выконваюцца без дазволу звыш, а пад бязьдзейнасьцю маюць на ўвазе адмову ад выкананьня сваіх абавязкаў. Госпад раіць Aрджуне не заставацца бязьдзейным, але выконваць прадпісаныя абавязкі, не прывязваючыся да вынікаў сваіх дзеяньняў. Той, хто прывязаны да пладоў сваёй працы, робіцца прычынай дзеяньняў. Таму ён або цешыцца наступствамі сваёй дзейнасьці, або пакутуе ад іх.

Прадпісаныя абавязкі можна падзяліць на тры катэгорыі: штодзённая дзейнасьць, дзейнасьць у надзвычайных абставінах і дзейнасьць, якая адпавядае жаданьням чалавека. Штодзённая дзейнасьць, якой чалавек займаецца ў адпаведнасьці з прадпісаньнямі шастраў, не імкнучыся да пладоў сваёй працы, – гэта дзейнасьць у гуне даброці. Дзейнасьць дзеля пладоў робіцца прычынай нашага рабства ў гэтым сьвеце і таму лічыцца неспрыяльнай. Кожны мае права выконваць прадпісаныя яму абавязкі, аднак пры гэтым трэба дзейнічаць без прыхільнасьці да выніку; такое выкананьне сваіх абавязкаў бяз жарсьці, несумненна, выведзе чалавека на шлях да вызваленьня. Менавіта таму Госпад заклікаў Aрджуну ваяваць з пачуцьця абавязку і ня думаць пра вынік. Адмаўленьне Aрджуны ад удзелу ў бітве было праявай матэрыяльнай прыхільнасьці. Падобныя прыхільнасьці перашкаджаюць вызваленьню. Усякая матэрыяльная прыхільнасьць, ці да дзейнасьці ці да бязьдзейнасьці, служыць прычынай матэрыяльнага рабства. Бязьдзейнасьць грашлівая, таму Aрджуна мог выйсьці на добры шлях, што вядзе да вызваленьня, толькі выконваючы свой абавязак – змагаючыся ў бітве.

Навігацыя галоўнага мэню