Бг. 2.45

त्रैगुण्यविषया वेदा निस्त्रैगुण्यो भवार्जुन ।
निर्द्वन्द्वो नित्यसत्त्वस्थो निर्योगक्षेम आत्मवान् ॥ ४५ ॥
трай-гунйа-вішайа веда
ністрай-гунйо бхаварджуна
нірдвандво нітйа-саттва-стхо
нірйога-кшэма атмаван

Паслоўны пераклад

трай-гунйа — зьвязана з трыма гунамі матэрыяльнай прыроды; вішайах — тэма якіх; ведах — ведычныя пісаньні; ністрай-гунйах — які падняўся над трыма гунамі матэрыяльнай прыроды; бхава — будзь; арджуна — о Aрджуна; нірдвандвах — пазбаўлены дваістасьці; нітйа-саттва-стхах — які знаходзіцца ў чыстым стане духоўнага быцьця; нірйога-кшэмах — не зьвязаны клопатам пра выгаду й бясьпеку; атма-ван — які спазнаў сваё сапраўднае «я».

Пераклад

У Ведах галоўным чынам гаворыцца пра дзейнасьць у трох гунах матэрыяльнай прыроды. Дык падыміся ж над гэтымі гунамі, о Aрджуна. Перастань залежаць ад усіх праяваў дваістасьці, пазбаўся імкненьня набыць ці захаваць што-небудзь у гэтым сьвеце і спасьцігні сваё сапраўднае «я».

Камэнтар

Матэрыяльная дзейнасьць уяўляе сабою ланцуг дзеяньняў і іх наступстваў у трох гунах матэрыяльнай прыроды. Яна скіравана на дасягненьне пэўных вынікаў і служыць прычынай рабства жывой істоты ў матэрыяльным сьвеце. Асноўная частка Ведаў прысьвечана розным прадпісаньням, якія тычацца дзейнасьці дзеля яе пладоў. Мэта гэтых прадпісаньняў – дапамагчы звычайным людзям паступова адмовіцца ад дзейнасьці дзеля пачуцьцёвых задавальненьняў і ўстаць на духоўны ўзровень. Паколькі Aрджуна быў вучнем Госпада Крышны, Госпад раіць яму адразу ўстаць на духоўны ўзровень – узровень філязофіі «Веданты», які пачынаецца з брахма-джіг’ясы, ці пытаньняў пра вышэйшы духоўны пачатак. Усе жывыя істоты ў матэрыяльным сьвеце вядуць зьнясільнае змаганьне за існаваньне. Каб навучыць іх жыць у гэтым сьвеце і паказаць шлях да вызваленьня з матэрыяльнага палону, Госпад, стварыўшы сьвет, даў ім Веды. Спачатку жывая істота прысьвячае сябе дзейнасьці дзеля пачуцьцёвых задавальненьняў, апісанай у частцы карма-канда, а скончыўшы гэты этап, атрымлівае магчымасьць устаць на шлях духоўнага самапазнаньня, апісаны ва Ўпанішадах, якія зьяўляюцца часткамі розных Ведаў, гэтак жа як «Бхагавад-гіта» зьяўляецца часткай пятай Веды («Махабхараты»). Упанішады ўказваюць на пачатак духоўнага жыцьця.

Пакуль жывая істота знаходзіцца ў матэрыяльным целе, яна вымушана зьдзяйсьняць дзеяньні й пажынаць іх плады, знаходзячыся пад уплывам гунаў матэрыяльнай прыроды. Трэба навучыцца ўстойліва пераносіць такія праявы дваістасьці, як шчасьце й гора, холад і сьпякота, і тады мы пазбавімся турботаў, зьвязаных з набыцьцямі й стратамі. Гэтага ўзроўню дасягае той, хто здабыў сьвядомасьць Крышны і ва ўсім спадзяецца на волю Госпада.

Навігацыя галоўнага мэню