Той, хто нарадзіўся, абавязкова памрэ, а пасьля сьмерці зноў зьявіцца на сьвет. Гэта непазьбежна, таму, выконваючы свой абавязак, ты не павінен аддавацца смутку.
Дзейнасьць жывой істоты вызначае ўмовы, у якіх яна апынецца ў наступным жыцьці. Скончыўшы чарговы этап дзейнасьці, яна сустракае сьмерць, каб потым нарадзіцца зноў і пачаць новы этап сваёй дзейнасьці. Так жывая істота круціцца ў колазвароце народзінаў і сьмерці і ня можа зь яго вырвацца. Сам факт існаваньня колазвароту народзінаў і сьмерці не зьяўляецца апраўданьнем войнаў і бессэнсоўнага забойства людзей і жывёлаў. Але разам з тым гвалт і войны непазьбежныя ў чалавечым грамадзтве, бо бязь іх немагчыма падтрымліваць законнасьць і парадак.
Паколькі бітва на Курукшэтры павінна была адбыцца па волі Госпада, пазьбегнуць яе было немагчыма, а ваяваць за правую справу – абавязак кожнага кшатрыя. Навошта Aрджуне баяцца сьмерці сваякоў ці аплакваць іх, калі ён выконвае свой абавязак? Беручы ўдзел у бітве, ён не парушыць закону й ня зробіць граху, наступстваў якога ён так моцна баяўся. Разам з тым, нават ухіліўшыся ад выкананьня абавязку, ён усё роўна ня зможа перадухіліць сьмерць сваіх родных, а выбар нявернага шляху прывядзе яго да падзеньня.