Aрджуна спытаў: О мой Госпад, па якіх азнаках можна пазнаць таго, хто выйшаў з-пад уплыву гэтых трох гунаў? Як ён паводзіць сябе і якім чынам вызваляецца з-пад іхнай улады?
У гэтым вершы Aрджуна задае вельмі важныя пытаньні. Ён хоча ведаць, якія адметныя якасьці чалавека, які пераадолеў уплыў трох матэрыяльных гунаў. Як вызначыць, што гэты чалавек пераадолеў уплыў матэрыяльных гунаў? Другое пытаньне Aрджуны тычыцца таго, як жыве такі чалавек, і як ён дзейнічае. Кіруецца ён прынцыпамі пісаньняў ці не? І далей ён пытае, як дасягнуць трансцэндэнтнага ўзроўня. Гэта вельмі важнае пытаньне. Пакуль чалавек ня ведае пра тое, якім чынам можна раз і назаўжды выйсьці з-пад уплыву гунаў, ён ня выявіць азнакаў духоўнай асобы. Таму пытаньні, зададзеныя Aрджунам, вылучна важныя, і цяпер Госпад адкажа на іх.