Таму, о Бхарата, мячом ведаў расьсячы ў сваім сэрцы вузел сумневаў, спароджаных невуцтвам. Узброіўшыся ёгай, паўстань і змагайся!
Сыстэма ёгі, апісаная ў гэтай частцы, называецца санатана-ёгай, вечнай дзейнасьцю жывой істоты. Гэта ёга прадугледжвае два віды ахвярапрынашэньняў: прынясеньне ў ахвяру матэрыяльнай уласнасьці і здабыцьцё ведаў пра сваё сапраўднае «я». Апошняе адносіцца да катэгорыі чыста духоўнай дзейнасьці. Калі, прыносячы ў ахвяру матэрыяльную ўласнасьць, чалавек не імкнецца спасьцігнуць сваю духоўную прыроду, ягонае ахвярапрынашэньне застаецца матэрыяльным дзеяньнем. Але, калі чалавек ахвяруе матэрыяльную ўласнасьць дзеля таго, каб усьвядоміць сваю духоўную прыроду, то бок дзеля служэньня Госпаду, ягонае ахвярапрынашэньне робіцца дасканалым. Духоўная дзейнасьць таксама можа быць двух відаў: спасьціжэньне свайго сапраўднага «я» (сваёй спрадвечнай прыроды) і спасьціжэньне Вярхоўнай Асобы Бога. Той, хто няўхільна ідзе шляхам, указаным у «Бхагавад-гіце», лёгка авалодвае гэтымі двума вельмі важнымі падзеламі духоўнага веданьня. Такому чалавеку няцяжка зразумець, што душа зьяўляецца неад’емнай часьцінкай Вярхоўнага Госпада, і такім чынам атрымаць дасканалае веданьне. Гэтае веданьне прыносіць яму велізарную выгоду, бо дазваляе без асаблівых намаганьняў спасьцігнуць прыроду боскіх дзеяньняў Госпада. Напачатку гэтай часткі Вярхоўны Госпад Сам расказаў пра Свае трансцэндэнтныя дзеяньні. Той, хто не разумее настаўленьняў «Гіты», ня мае сапраўднай веры. Такі чалавек злоўжывае незалежнасьцю, якой надзяліў яго Госпад. Калі, выслухаўшы гэтыя настаўленьні, чалавек так і ня здолеў зразумець сапраўдную прыроду Госпада – вечнай, споўненай асалоды і ўсёведнай Асобы Бога, значыць, ён безнадзейны дурань. Каб пазбавіцца невуцтва, трэба паступова засвойваць прынцыпы сьвядомасьці Крышны. Абуджэньню ў чалавеку сьвядомасьці Крышны спрыяюць ахвяры, якія прыносяцца напаўбагам і Вярхоўнаму Брахману, ахвяры, якія прыносяць тыя, хто захоўвае зарок бясшлюбнасьці альбо жыве сямейным жыцьцём, тыя, хто ўтаймоўвае пачуцьці, займаецца містычнай ёгай і зьдзяйсьняе аскезу, а таксама ахвяры тых, хто адмаўляецца ад матэрыяльнай уласнасьці, вывучае Веды і выконвае свае абавязкі ў сыстэме варнашрама-дхармы. Усё гэта – розныя віды ахвярапрынашэньняў, і ўсе яны заснаваны на прадпісаньнях шастраў. Аднак важна, каб мэтай усіх гэтых відаў дзейнасьці было ўсьведамленьне свайго сапраўднага «я». Той, хто імкнецца да гэтай мэты, па-сапраўднаму зразумеў навуку «Бхагавад-гіты», а той, хто сумняецца ў словах Крышны, вяртаецца да матэрыяльнай дзейнасьці. Таму Госпад рэкамэндуе нам вывучаць «Бхагавад-гіту» альбо любое іншае сьвятое пісаньне пад кіраўніцтвам сапраўднага духоўнага настаўніка, служачы яму з паслухмянасьцю й пакорлівасьцю. Сапраўдны духоўны настаўнік належыць да ланцуга настаўнікаў, які існуе са спрадвечных часоў, і ні на ёту не адступае ад настаўленьняў Вярхоўнага Госпада, шмат мільёнаў гадоў назад адкрытых Ім богу Сонца, які ў сваю чаргу перадаў веданьне «Бхагавад-гіты» людзям Зямлі. Таму кожны з нас павінен ісьці шляхам, указаным у самой «Бхагавад-гіце», і сьцерагчыся карысьлівых і славалюбных людзей, якія зьбіваюць сваіх пасьлядоўнікаў з сапраўднага шляху. Госпад, без усялякіх сумневаў, зьяўляецца вярхоўнай асобай, і ўсе Ягоныя дзеяньні духоўныя. Той, хто зразумеў гэта, ужо зьяўляецца вызваленай душой, нават калі ён толькі пачаў вывучаць «Бхагавад-гіту».
Так заканчваецца камэнтар Бхакціведанты да чацьвёртае часткі «Шрымад Бхагавад-гіты», якая называецца «Трансцэндэнтнае веданьне».