Людзі гэтага сьвету, якія імкнуцца дамагчыся посьпеху ў кармічнай дзейнасьці, ушаноўваюць напаўбагоў, і вядома ж, вельмі хутка атрымліваюць узнагароду за свае намаганьні.
Сярод людзей існуе цалкам няправільнае ўяўленьне пра ролю багоў (ці напаўбагоў) у матэрыяльным сьвеце: невукі, якія выдаюць сябе за знаўцаў сьвятых пісаньняў, называюць гэтых напаўбагоў рознымі ўвасабленьнямі Вярхоўнага Госпада. На самой жа справе напаўбагі не ўвасабленьні Госпада, а Ягоныя неад’емныя часьцінкі. Бог адзін, а Ягоных часьцінак вялікае мноства. У Ведах сказана: ніцьё ніцьянам – Бог адзін. Ішварах парамах крышнах. Вярхоўны Госпад адзін – Крышна, і гэта Ён надзяляе напаўбагоў магутнасьцю, неабходнай для таго, каб кіраваць матэрыяльным сьветам. Усе напаўбагі – гэта звычайныя істоты (ніцьянам), у рознай ступені надзеленыя матэрыяльнай магутнасьцю. Яны ня могуць быць роўнымі Вярхоўнаму Госпаду – Нараяне, Вішну ці Крышне. Таго, хто лічыць, што Бог і напаўбагі стаяць на адным узроўні, называюць пашандзі, атэістам. Зь Вярхоўным Госпадам нельга параўноўваць нават такіх вялікіх напаўбагоў, як Брахма й Шыва. Больш за тое, Брахма й Шыва самі пакланяюцца Госпаду (шыва-вірынчы-нутам). Але, нягледзячы на гэта, сярод людзей знаходзіцца на зьдзіўленьне шмат неразумнікаў, якія пакланяюцца лідарам грамадзтва, кіруючыся рознага роду зманамі, накшталт ідэі антрапамарфізму.
Словы іха дэватах указваюць на магутных людзей ці напаўбагоў, якія належаць да матэрыяльнага сьвету. Але Нараяна (Вішну), ці Крышна, Вярхоўная Асоба Бога, не належыць да гэтага сьвету. Будучы цалкам духоўным, Ён знаходзіцца па-за межамі матэрыяльнага стварэньня. Нават Шрыпада Шанкарачар’я, правадыр імпэрсаналістаў, кажа, што Нараяна (Крышна) не належыць да матэрыяльнага стварэньня. Тым ня менш неразумныя людзі (хрыта-г’яна) пакланяюцца напаўбагам дзеля імгненных вынікаў. І яны атрымліваюць іх, ня ведаючы пра тое, што такія вынікі часовыя і прыцягваюць толькі недалёкіх людзей. Разумны чалавек – гэта той, хто валодае сьвядомасьцю Крышны. Яго не цікавяць эфэмэрныя даброты, і ён ніколі ня стане пакланяцца дзеля іх сьмяротным напаўбагам. Напаўбагі гэтага сьвету разам зь іхнымі прыхільнікамі асуджаны на згубу падчас разбурэньня сусьвету. A выгоды, якія людзі атрымліваюць ад напаўбагоў, матэрыяльныя й недаўгавечныя. Самі матэрыяльныя сьветы разам з усімі насельнікамі, у тым ліку напаўбагамі і іхнымі прыхільнікамі, ня больш за бурбалкі пены на паверхні касьмічнага акіяна. Аднак у гэтым сьвеце людзі, як апантаныя, ганяюцца за часовымі дабротамі, марачы пра багацьце, уласную зямлю, сям’ю і камфорт. У надзеі атрымаць гэтыя часовыя даброты людзі пакланяюцца напаўбагам ці тым, хто мае ўладу. Калі чалавек, выслужыўшыся перад якім-небудзь палітычным дзеячам, атрымлівае міністэрскі партфэль, ён лічыць гэта найвялікшым дасягненьнем. Таму людзі поўзаюць перад так званымі правадырамі ці ўладнымі людзьмі ў надзеі атрымаць ад іх недаўгавечныя даброты – і сапраўды атрымліваюць іх. Такія неразумныя людзі не праяўляюць цікавасьці да сьвядомасьці Крышны і ня хочуць раз і назаўжды скончыць з пакутамі, уласьцівымі матэрыяльнаму жыцьцю. Іх вабяць міражы пачуцьцёвых задавальненьняў, і дзеля іх яны пакланяюцца магутным істотам, якіх называюць напаўбагамі. З гэтага верша ясна, што толькі вельмі рэдкія душы праяўляюць цікавасьць да сьвядомасьці Крышны. Людзей больш прыцягваюць мірскія задавальненьні, таму яны лічаць, што лепей ушаноўваць якога-небудзь магутнага насельніка гэтага сьвету.