Вярхоўны Госпад сказаў: О Aрджуна, з дапамогай Сваёй унутранай энэргіі Я быў рады паказаць табе гэту вялікую сусьветную форму, у якой Я знаходжуся ў матэрыяльным сьвеце. Да цябе ніхто й ніколі ня бачыў гэту адвечную форму, бязьмежную і асьляпляльна зіхатлівую.
Aрджуна, адданы Госпада, хацеў убачыць Ягоную сусьветную форму, і зь літасьці да Aрджуны Госпад Крышна паўстаў перад ім у гэтым вобразе, зіхатлівы і велічны. Асьляпляльная, як сонца, гэта форма імкліва зьмяняла Свае незьлічоныя абліччы. Крышна паказаў гэты вобраз толькі для таго, каб выканаць жаданьне Свайго сябра Aрджуны. Ён зрабіў гэта з дапамогай Сваёй унутранай энэргіі, неспасьціжнай для чалавечага розуму. Да Aрджуны ніхто й ніколі ня бачыў сусьветнае формы Госпада, але, калі Госпад паказаў гэту форму Aрджуне, яе змаглі ўбачыць і іншыя слугі Госпада, якія жывуць на райскіх і іншых плянэтах сусьвету. Дзякуючы Aрджуне яны ўбачылі форму Госпада, якую раней ніхто ня бачыў. Іншымі словамі, усе, хто належаў да вучнёўскай пераемнасьці, змаглі ўбачыць сусьветную форму, якую Крышна па Сваёй міласьці паказаў Aрджуне. У адным з камэнтароў гаворыцца, што Госпад паўстаў у гэтым вобразе і перад Дур’ёдханам, калі вёў зь ім перамовы пра мір. На сваю бяду, Дур’ёдхана не прыняў мірных прапановаў Крышны, і тады Крышна паказаў яму некалькі сусьветных формаў. Але гэтыя формы адрозьніваліся ад той, якую ўбачыў Aрджуна. Тут ясна сказана, што да яго ніхто ня бачыў гэтае формы.