Бг. 11.45

अदृष्टपूर्वं हृषितोऽस्मि दृष्ट्वा
भयेन च प्रव्यथितं मनो मे ।
तदेव मे दर्शय देव रूपं
प्रसीद देवेश जगन्निवास ॥ ४५ ॥
адрышта-пурвам хрышыто ’смі дрыштва
бхайена ча правйатхітам мано мэ
тад эва мэ даршайа дэва рупам
прасіда дэвеша джаган-ніваса

Паслоўны пераклад

адрышта-пурвам — раней ніколі ня бачаную; хрышытах — узрадаваны; асмі — зьяўляюся; дрыштва — убачыўшы; бхайена — страхам; ча — таксама; правйатхітам — разгублены; манах — вум; мэ — мой; тат — тую; эва — неадменна; мэ — мне; даршайа — пакажы; дэва — о Госпад; рупам — форму; прасіда — будзь міласьцівы; дэва-іша — о валадар валадароў; джагат-ніваса — прыстанак сусьвету.

Пераклад

Сузіраючы Тваю сусьветную форму, якую я ніколі раней ня бачыў, я радуюся, аднак вум мой ахоплены страхам. Таму, прашу Цябе, будзь міласьцівы і зноў адкрый мне Свой вобраз Асобы Бога, о валадар валадароў і прыстанак сусьвету!

Камэнтар

Паколькі Aрджуна – сябар Крышны, ён заўсёды адчувае блізкасьць Крышны, і як сябар ганарыцца багацьцем і магутнасьцю свайго сябра, гэтак і Aрджуна радуецца таму, што ягоны сябар Крышна – Вярхоўная Асоба Бога і можа паказаць яму цудоўную сусьветную форму. Аднак, убачыўшы сусьветную форму, Арджуна спужаўся, што падчас сяброўскіх стасункаў з Крышнам ён неаднакроць абражаў Яго. З-за гэтага ягоны вум прыйшоў у замяшаньне. Ён баіцца, хоць прычынаў для страху ў яго няма. Таму Aрджуна просіць Крышну паўстаць перад ім у форме Нараяны, бо ведае, што Крышна можа прыняць любы выгляд. Сусьветная форма Госпада матэрыяльная і часовая, гэтак жа як і сам матэрыяльны сьвет. Аднак на плянэтах Вайкунтхі Госпад знаходзіцца ў духоўнай форме – у выглядзе чатырохрукага Нараяны. На кожнай зь незьлічоных плянэтаў духоўнага сьвету Крышна знаходзіцца ў вобразе адной з Сваіх поўных экспансыяў, якія маюць розныя імёны. Такім чынам, Aрджуна хоча ўбачыць адзін з тых вобразаў, якія Госпад паказвае на плянэтах Вайкунтхі. Вядома, Госпад знаходзіцца ў вобразе чатырохрукага Нараяны на кожнай з плянэтаў Вайкунтхі, але гэтыя вобразы адрозьніваюцца розным разьмяшчэньнем атрыбутаў: ракавіны, булавы, лотасу й дыска. У залежнасьці ад разьмяшчэньня гэтых атрыбутаў у чатырох руках Нараяны, Яго называюць па-рознаму. Усе гэтыя вобразы неадрозныя ад Крышны, таму Aрджуна просіць Госпада паўстаць перад ім у чатырохрукім выглядзе.

Навігацыя галоўнага мэню