Ты – бацька ўсёй матэрыяльнай сьветабудовы, усіх рухомых і нерухомых жывых істотаў. Для іх Ты сьвятыня й валадар, правадыр і духоўны настаўнік. Ніводная жывая істота ня можа перасягнуць Цябе ці прыраўнацца да Цябе. Ці ёсьць ува ўсіх трох сьветах нехта больш вялікі, чым Ты, о Госпад бязьмежнае сілы?
Вярхоўную Асобу Бога, Крышну, трэба ўшаноўваць так, як сын ушаноўвае бацьку. Ён спрадвечны духоўны настаўнік, бо на золку стварэньня Ён адкрыў Брахме мудрасьць Ведаў і цяпер выкладае Aрджуне «Бхагавад-гіту». Таму Крышна – спрадвечны гуру, і ў наш час кожны сапраўдны духоўны настаўнік павінен належаць да вучнёўскай пераемнасьці, якая пачынаецца ад Самаго Крышны. Ня будучы прадстаўніком Крышны, нельга рабіцца духоўным настаўнікам і выкладаць трансцэндэнтную навуку.
Жывыя істоты зь вялікай павагай схіляюцца перад Госпадам. Веліч Ягоная бязьмежная. На сьвеце няма нікога больш вялікага, чым Вярхоўная Асоба Бога, Крышна, бо ні ў духоўным, ні ў матэрыяльным сьвеце няма істоты, якая магла б зраўнацца з Крышнам, ня кажучы ўжо пра тое, каб пераўзыйсьці Яго. Усе жывыя істоты падпарадкаваны Яму і ня могуць стаць вышэй за Яго. Пра гэта сказана ў «Шветашватара-ўпанішад» (6.8):
У Вярхоўнага Госпада, Крышны, таксама як і ў звычайнага чалавека, ёсьць цела й пачуцьці, але Ягоныя пачуцьці, Ягонае цела, Ягоны вум і Ён сам тоесныя адно аднаму. Неадукаваныя людзі, якія не разумеюць Крышны, заяўляюць, што Крышна адрозны ад Сваёй душы, вума, сэрца і ўсяго астатняга. Крышна абсалютны, таму Ягоныя дзеяньні і Ягоныя энэргіі вышэй за ўсё ў гэтым сьвеце. Гаворыцца таксама, што, хоць Ягоныя пачуцьці адрозьніваюцца ад нашых, Ён валодае ўсімі відамі пачуцьцёвага ўспрыманьня і пры гэтым Ягоныя ворганы пачуцьцяў нічым не абмежаваныя і дасканалыя. Няма нікога роўнага Яму ці больш вялікага, чым Ён, – усе іншыя стаяць ніжэй.
Веданьне, магутнасьць і дзеяньні Вярхоўнага Госпада цалкам духоўныя. Пра гэта гаворыцца ў «Бхагавад-гіце» (4.9):
Той, хто спасьціг духоўную прыроду цела, дзеяньняў і магутнасьці Крышны, пакінуўшы сваё цела, трапляе ў абіцель Крышны, каб больш ніколі не вяртацца ў гэты поўны пакутаў сьвет. Таму патрэбна помніць пра тое, што дзеяньні Крышны маюць іншую прыроду, чым дзеяньні звычайнага чалавека. Самае лепшае – кіравацца ўказаньнямі Крышны; гэта дапаможа нам дасягнуць дасканаласьці. Гаворыцца таксама, што ніхто ня мае ўлады над Крышнам, усе жывыя істоты – Ягоныя слугі. Пацьверджаньне гэтаму мы знаходзім у «Чайтанья-чарытамрыце» (Aдзі, 5.142): экале ішвара крышна, ара саба бхрытйа. Толькі Крышна – Бог, усе іншыя жывыя істоты – Ягоныя слугі. Усе падпарадкоўваюцца Ягонай волі, і ніхто ня можа пярэчыць ёй. Кожная жывая істота дзейнічае так, як загадвае ёй Госпад, бо цалкам знаходзіцца ў Яго ў падначаленьні. Як сказана ў «Брахма-самхіце», Ён – прычына ўсіх прычынаў.