Убачыўшы Госпада Брахму ў небе прама перад сабой, Хіраньякашыпу тут жа ўпаў на зямлю перад вялікім напаўбогам. Потым, прыпаўшы да ягоных стопаў, са сьлязамі на вачах, трасучыся ўсім целам, Хіраньякашыпу, склаўшы далоні, пачаў перарывістым голасам узносіць пакорлівыя малітвы.
– Я выказваю сваю павагу табе, о першая жывая істота. Ты валадар усіх жывых істотаў, рухомых і нерухомых, кіраўнік усіх матэрыяльных элемэнтаў. Таму ты можаш выканаць жаданьні ўсіх жывых істотаў. Прашу цябе, літасьціва даруй мне дабраславеньне вечнага жыцьця.
– Дарагі Хіраньякашыпу, – адказаў Госпад Брахма, – я не магу даць табе тое, чым не валодаю сам: я таксама змушаны буду памерці. У гэтым целе немагчыма знаходзіцца вечна. Мы вымушаны зьмяняць целы, пакуль не дасягнем дасканаласьці.
– Тады, – перабіў яго Хіраньякашыпу, – хай я ня буду забіты ні днём, ні ноччу; ні ў сьценах, ні па-за сьценамі; ні на зямлі, ні ў паветры; ні чалавекам, ні жывёлай і ўвогуле ні жывым, ні нежывым. Даруй мне аднаасобную ўладу над усімі плянэтамі і зоркамі, а таксама славу, што адпавядае гэтаму становішчу. Апроч таго, дай мне ўсе містычныя сілы, якія належаць мне пасьля зьдзяйсьненьня гэтай працяглай аскезы.
Госпад Брахма быў задаволены працяглай аскезай Хіраньякашыпу, але патрабаваньні дэмана таксама вельмі ўстрывожылі яго. Тым ня менш абяцаньне было дадзена, і Брахма стрымаў сваё слова.
– Хіраньякашыпу, – сказаў Госпад Брахма, – даброты, якіх ты патрабуеш, недаступныя большасьці людзей, але тваё жаданьне будзе выканана.
З гэтымі словамі Брахма выдаліўся.
У вушах Хіраньякашыпу яшчэ гучаў голас Брахмы, калі ён успомніў сьмерць свайго брата і адчуў, як жудасная нянавісьць да Госпада Вішну перапаўняе яго.
Калі Хіраньякашыпу адправіўся ў даліну ўзгорка Мандара зьдзяйсьняць свае жудасныя вычыны, напаўбагі на чале з Індрам, сваім галоўнакамандуючым, скарысталіся ягонай адсутнасьцю і распачалі шырокую атаку на дэманаў. Гэта была вайна, якая перасягала ўсе тыя войны, якія даводзілася ім весьці раней, і яны вельмі хутка атрымалі перамогу, прымусіўшы дэманаў уцякаць. Забыўшыся на сваіх жонак, дзяцей, хаты і маёмасьць, дэманы беглі, ратуючы жыцьцё, у розныя бакі. Пераможцы разрабавалі палац Хіраньякашыпу і разграмілі ўсё ўсярэдзіне. Пасьля гэтага Індра асабіста арыштаваў царыцу, жонку Хіраньякашыпу. Калі яе, заплаканую і занепакоеную, нібы ахвяру ў кіпцюрах сьцярвятніка, вялі ў палон, на яе зьвярнуў увагу вялікі мудрэц, Нарада Муні.
– Гэта жанчына нявінная, – сказаў ён. – Вы не павінны так бязьлітасна яе цягнуць. Яна чыстая. Зараз жа вызваліце яе.
– Гэта жанчына, – запярэчыў Індра, – жонка Хіраньякашыпу, якая носіць ягонае дзіцё. Яна будзе сядзець у зьняволеньні, пакуль яе дзіцё не народзіцца і ня будзе забіта. Тады мы яе вызвалім.
– Гэтае ненароджанае яшчэ дзіцё бездакорнае, – заявіў Нарада Муні. – Насамрэч гэта вялікі адданы, магутны слуга Вярхоўнай Боскай Асобы. Вы ня здолееце забіць яго, нават і спрабаваць ня варта, таму што ён бязгрэшны.
Індру была добра вядома рэпутацыя Нарады Муні як сьвятога і празарліўца, таму ён зараз жа вызваліў царыцу. Выказваючы павагу дзіцяці, напаўбагі абышлі вакол жонкі Хіраньякашыпу і рушылі ў свае нябесныя палацы.
Нарада зьвярнуўся да спалоханай жанчыны і запэўніў яе ў тым, што дасьць ёй сваё заступніцтва, кажучы:
– Ты можаш заставацца ў маім ашраме да вяртаньня мужа.
Там яна і заставалася, не адчуваючы страху, пакуль яе муж, цар дэманаў, зьдзяйсьняў свае суворыя аскезы.
Царыца імкнулася засьцерагчы свайго сына, таму служыла мудрацу Нараду зь вялікай адданасьцю. У адказ Нарада вучыў яе таямніцам трансцэндэнтных ведаў, і таямніцы гэтыя былі такія магутныя, што гукі ягоных словаў увайшлі ў сэрца дзіцяці, якое знаходзілася ў ейным ўлоньні. Слухаючы размовы Нарады, дзіцё заставалася ва ўлоньні маці шмат гадоў, і з кожным годам ягоная адданасьць Госпаду Вішну расла, нібы дрэва, якое, калі за ім слушна даглядаць, прыносіць кветкі і плады.
Хіраньякашыпу заваяваў усе плянэты гэтага сусьвету разам з плянэтамі чалавечых істотаў, зьмеяў, сьвятых і прывідаў. З заваяваньнем кожнай новай плянэты ягоная моц і ўплыў узрасталі. Урэшце ён перамог нават Індру, галоўнакамандуючага напаўбагоў, і запанаваў у раскошным палацы Індры, аточаным знакамітым садам Нандана. Гэты палац, пабудаваны самім Вішвакармам, архітэктарам напаўбагоў, мог прыняць нават багіню ўдачы. Ступені палаца былі зроблены з каралаў, а падлогі ўнутраных памяшканьняў выкладзены каштоўнымі камянямі. Сьцены былі з разьбянога шкла, а калёны з каменя вайдур’я. Аблямаваныя пэрлінамі полагі, зьвешваліся тут і там над кушэткамі, якія былі абіты рубінамі. Калі жанчыны, якія жылі ў палацы, усьміхаліся, іхныя ўсьмешкі зьзялі, асьвятляючы прыгожыя твары. Калі ж яны хадзілі, іхныя нажныя званочкі мэлядычна пазвоньвалі. Хоць жанчынам было дазволена вольна хадзіць паўсюль, дзе ім заманецца, мужчыны былі прымушаны кланяцца Хіраньякашыпу, які часта сувора лаяў іх бяз дай прычыны.
Хіраньякашыпу заўсёды напіваўся напоямі з благім пахам, ад якіх ягоныя мядзяна-чырвоныя вочы пачыналі круціцца. Нягледзячы на гэта, ад страху перад ягонай невымернай сілай, усе, апроч трох галоўных багоў – Госпада Брахмы, Госпада Шывы і Госпада Вішну, – асабіста служылі яму. Ён быў агідны, але напаўбагі ўласнаруч падносілі яму падарункі. Жалезнай рукой кіраваў Хіраньякашыпу з трона Індры, дамагаючыся неверагодна высокіх прыбыткаў і не падзяляючыся імі ні з кім. Пэўны час здавалася нават, што дыктатура дэмана ўзмацніла сусьветную эканоміку, таму што Зямля давала зерне, нават калі яе не аралі. Сусьветныя акіяны – акіяны салёнай вады, трысьняговага соку, віна, ачышчанага масла, малака, ёгурту і прэснай вады – са сваімі даньнікамі, рэкамі, прыносілі Хіраньякашыпу мноства каштоўных камянёў і самацьветаў. Даліны паміж гор ператварыліся ў чароўныя аквітныя палі, дзе расьлі дрэвы, якія ў любую пару года давалі кветкі і плады.
Хіраньякашыпу ажыцьцявіў найвышэйшую мару кожнага матэрыяліста: татальны кантроль над усім і райскія асалоды, што не паддаюцца апісаньню. Сам ён, аднак, ня быў здаволены, таму што ўласныя некантраляваныя пачуцьці заставаліся ягонымі лютымі ворагамі і прымушалі яго ўвесь час служыць ім. Тым ня менш, Хіраньякашыпу вельмі ганарыўся сваім несправядліва здабытым багацьцем і высьмейваў Пісаньні, апраўдваючы такім чынам уласную бязьдзейнасьць.
Дні і ночы напралёт грамадзяне розных плянэтарных супольнасьцяў у вялікай роспачы і страху маліліся Вярхоўнай Асобе Бога, Вішну. Нарэшце яны пачулі гук, які выходзіў адтуль, куды не пранікала чалавечае вока. Гэты абсалютны гук загрымеў нібы гром з хмары, натхняючы ўсіх і зьнішчаючы смутак.
– Ня бойцеся, – сказаў Госпад Вішну. – Я жадаю вам усякага дабра. Станьце Маімі адданымі, маліцеся Мне, слухайце і гаварыце пра Мяне, таму што такое адданае служэньне спрыяльнае для ўсіх. Мне вядома ўсё, што робіць Хіраньякашыпу, і вельмі хутка Я спыню ягоную дзейнасьць. Калі ласка, набярыцеся цярплівасьці і пачакайце. Ён і яму падобныя зайздросьцяць Богу і Ягоным адданым. Яны не шануюць духоўнае вучэньне Ведаў і перасьледуюць кароваў, брахманаў і вайшнаваў. Згуба такіх людзей і іхнай бязбожнай цывілізацыі няўхільная. Вельмі хутка гэты Хіраньякашыпу паспрабуе забіць уласнага сына, вялікага адданага Прахладу, міралюбнага і сьціплага. У той момант Я і зьнішчу Хіраньякашыпу, нягледзячы на багаславеньне Брахмы.
Падбадзёраныя такой прамовай, добрыя грамадзяне разышліся па дамах, цьвёрда верачы ў тое, што дэман Хіраньякашыпу вырачаны.