Чаму ж менавіта дзень Экадашы Госпад так любіць? Няўжо ў гэты дзень Ён атрымлівае штосьці каштоўнае і неверагодна важнае для Яго? Для многіх з нас улюбёны дзень – гэта дзень, які нам нешта дорыць ці прыносіць нейкую каштоўнасьць. Звычайна – гэта сьвяточныя і выхадныя дні, г. зн. дні, калі мы забываем пра цяжкасьці працоўных будняў, атрымліваем падарункі і цешымся.
Аднак гэта аніяк не адносіцца да Бога. Ён зьяўляецца Вышэйшай Асобай ува ўсіх аспэктах. Ягонае сэрца перапоўнена дабрынёй і любоўю, якімі Ён імкнецца надарыць кожную жывую істоту. І дні Экадашы асабліва каштоўныя для Бога менавіта таму, што ў іншых жывых істотаў ёсьць унікальная магчымасьць атрымаць неверагодную выгоду. І гэту асаблівую выгоду ніякім іншым спосабам атрымаць проста немагчыма. Асабліва гэта тычыцца нашай эпохі, у якой мы жывём – Калі-югі.
Усьвядоміць незвычайную і рэдкую каштоўнасьць дня Экадашы дазваляюць сьвятыя пісаньні. Вось некаторыя фрагмэнты зь іх, якія апісваюць выгоду дня Экадашы:
– Выгода, якую можна атрымаць ад абмываньня ў сьвятым месцы паломніцтва Шанкхаддзьёхара, дзе Госпад забіў дэмана Шанкхасуру, нават карысьць непасрэднага сузіраньня Госпада Гададхары, немагчыма параўнаць з шаснаццацьцю ўзнагародамі, атрыманымі за выкананьне паста ў Экадашы.
– Той, хто дае міласьціну ў першы дзень поўні, атрымлівае ўзнагароду ў 100000 разоў большую, чым ад звычайнага ахвяраваньня, а той, хто дае міласьціну ў дзень санкранці (раўнадзенства), атрымлівае выгоду ў 400 000 разоў большую за звычайны вынік. Аднак жа, проста трымаючы пост у Экадашы, чалавек дасягае ўсіх гэтых добрых вынікаў, гэтак жа, як і выніку наведваньня Курукшэтры ў час сонечнага ці месяцовага зацьменьня!
– Адданая душа, што трымае поўны пост у Экадашы, дасягае выгоды ў сто разоў большай, чым тая, якую ў мінулыя часы можна было атрымаць з дапамогай зьдзяйсьненьня надзвычайна складанай яг’і – ашвамэдха-яг’і. Зьдзейсьніць яе ў наш час проста рэальна немагчыма!
– Той, хто хоць адзін раз дасканалым чынам пасьціў у дзень Экадашы, атрымлівае тую ж выгоду, як і той, хто корміць тысячу жабракоў кожны дзень на працягу 60000 гадоў! Альбо, прыраўноўваючы да сучасных рэаліяў, – накорміць кожнага цяперашняга жыхара нашай Зямлі (8 млрд. чалавек) 2,74 разы пышным абедам, які складаецца ня менш як з 5-ці страваў! І вынік гэтага надмернага намаганьня, які цяпер не пад сілу нікому з жыхароў Зямлі, атрымлівае той, хто проста пасьціць у дзень Экадашы!
– Чалавек, які адзін раз правільна выконваў Экадашы, атрымлівае выгоду, якая ў дзесяць разоў перавышае выгоду ад раздачы тысячы кароваў дасьведчаным брахманам. Аднак у цяперашнія часы знайсьці хаця б аднаго такога брахмана практычна немагчыма. Дый калі б і атрымалася знайсьці такога брахмана, то ў каго ў сучасным грамадзтве знойдзецца такая колькасьць кароваў?
– Чалавеку, які накарміў аднаго брахмачары, вяртаецца ў дзесяць разоў больш, чым таму, хто накарміў у сваёй хаце дзесяць добрых брахманаў. Але той, хто дорыць зямлю беднаму і набожнаму брахману, дасягае ў тысячу разоў большага, чым той, хто накарміў брахмачары, і ў тысячу разоў большую за гэта выгоду ад выдачы чыстай дзяўчыны замуж за маладога, добра адукаванага прыстойнага мужчыну. Аднак, у дзесяць разоў большая выгода – правільнае выхаваньне дзяцей і настаўленьне іх на духоўным шляху, без чаканьня якой-небудзь узнагароды. Але яшчэ ў дзесяць разоў большая выгода – даваць (ахвяраваць) хлеб галоднаму (менавіта хлеб (ежу), а ня грошы, нават, калі і на хлеб, як бедны можа сьцьвярджаць).
Безумоўна, даваць міласьціну таму, хто ў ёй мае патрэбу, гэта найлепей: няма і ня будзе найлепшага ахвяраваньня. Усе продкі і напаўбагі на нябёсах вельмі радуюцца, калі чалавек раздае хлеб зь міласэрнасьці. Але выгода ад выкананьня поўнага паста ў дзень Экадашы настолькі неверагодная і бязьмерная, што проста немагчыма яе памераць і ацаніць. Таму ўсе спробы параўнаць выгоду, якую атрымлівае той, хто пасьціць ў дзень Экадашы, зьяўляюцца дарэмнымі. Таму і гаворыцца, што: знаходжаньне ў месцы паломніцтва; раздача міласьціны; зьдзяйсьненьне вогненных ахвярапрынашэньняў маюць значэньне толькі датуль, пакуль не надыйшоў Экадашы. Таму кожны, хто жадае пазьбегнуць пакутаў матэрыяльнага сьвету, павінен трымаць пост у дзень Экадашы.
Такім чынам, самае простае з усяго вышэй пералічанага, што жывая істота можа выканаць для здабыцьця неверагоднай выгоды і посьпеху, да якіх імкнуліся ўсе вялікія і магутныя асобы мінулага цягам тысячаў жыцьцяў – гэта трымаць пост у дзень Экадашы, улюбёны дзень Вярхоўнага Госпада.