Шрыла Бхакцівінода Тхакур

Шрыла Бхакцівінод Тхакур

Усё жыцьцё Шрылы Бхакцівіноды Тхакура было прысьвечана служэньню Шры Крышне, Вярхоўнай Асобе Бога. Па тым, якое дабро прынесла ягоная дзейнасьць сьвету, яе можна параўнаць толькі з грандыёзнай дзейнасьцю Самога Шры Чайтаньі і шасьці Госвамі. Ягоная духоўная дзейнасьць і боскія пісаньні зрабілі велічэзны ўплыў на разумных і адукаваных людзей і зарадзілі веру ва ўзьнёслыя настаўленьні і запаведзі Госпада Чайтаньі.

Шрыла Бхакцівінода Тхакур зьявіўся ў гэты сьвет у 1838 годзе ў гістарычнай правінцыі Надзія ў вёсцы Бірнагар у заможнай бэнгальскай сям’і Раджы Крышнананды Датты. Бацькі далі дзіцяці імя Кедаранатх Датта. Ён рос у багатай сям’і дзядулі, у Бірнагары – прыгожай і аквітнай вёсцы, якую насялялі шчасьлівыя і бесклапотныя жыхары. Усюды, на садовых сьцяжынках і каля басэйнаў (гхатаў), гучалі сьмех, музыка, вершы і казкі. Шры Кедаранатх быў любы і аблашчаны, ён лёгка заводзіў сяброў сярод дамачадцаў і вясковых жыхароў. Будучы надзвычайна разумным дзіцём, ён сябраваў і з многімі дарослымі, задаючы ім шмат пытаньняў. Асаблівую дапытлівасьць ён выяўляў у сфэры духоўнай – больш усяго ён распытваў пра прыроду Боскага і прыроду жывой істоты, а таксама пра стасункі паміж імі. На жаль, ягоныя пытаньні выклікалі большай часткай неразуменьне, бянтэжачы тых, да каго яны былі зьвернутыя. Ягоны незвычайны пісьменьніцкі дар праявіўся з раньняга дзяцінства. Каб пачуць Рамаяну ці Махабхарату ён мог адправіцца куды заўгодна. З шасьці гадоў ён дасьледаваў факты і гісторыі гэтых эпасаў. А калі яму споўнілася дзевяць, ён прыступіў да вывучэньня астралёгіі.

Дзесяцігадовага Шры Кедаранатха перапаўнялі пытаньні духоўнага пляна, ён задаваў іх самым розным людзям – скульптару, які лепіць боствы Дургі, мусульманіну, які ахоўвае скарб ягонага дзеда, свайму школьнаму настаўніку, дзядзьку і шмат каму іншаму. Ён апісаў гэтыя гутаркі ў сваёй аўтабіяграфіі, ва ўласьцівай яму пацешнай і яркай манеры казачніка. У ягоным сэрцы адчувалася цьвёрдая вера ў адзіную асобу Госпада, ён ведаў, што Ім павінен быць Рама ці Крышна. З малых гадоў ён быў захоплены паўтарэньнем імя Рама.

У адзінаццаць гадоў Шры Кедаранатх пакінуў бацькаву хату, а ў дванаццаць, паводле выбару маці, ужо быў жанаты на сваёй першай жонцы, дачцэ Шры Мадхусудан Мітры. Кажучы пра абставіны свайго дзіцячага шлюбнага жыцьця (нярэдкага ў тыя далёкія дні) ён прыпадабняў яго да «гульні ў лялькі». І ўсё ж, успрымаючы сытуацыю ў такім сьвятле, ён, тым ня менш, яму не пярэчыў.

Сваю першую адукацыю ён атрымаў у Санскрыт толе (пачатковая школа), дзе яго навучылі санскрыту, бэнгалі і арыфмэтыцы. Пазьней, калі хлопчыку споўнілася сем гадоў, дзед, Шры Мустафі Махашай, адправіў яго ў ангельскую сярэднюю школу Крышнанагара. Шры Кедаранатха адрозьніваўся веданьнем ангельскай мовы, атрымліваючы заахвочаньні і ўзнагароды, а таксама дэманстраваў посьпехі ў чытаньні і дэклямацыі, быў здольны ў бэнгалі і матэматыцы. Калі яму было трынаццаць гадоў, памёр ягоны бацька, і Кедаранатх пераехаў у Калькуту (сталіцу тагачаснай брытанскай Індыі), дзе і скончыў сваю адукацыю.

Шрыла Бхакцівінода Тхакур пісаў: «Ужо ў той час, калі яшчэ быў жывы мой бацька, мяне займалі думкі пра тое – чым зьяўляецца гэты сьвет, і – хто мы? Гэтыя два пытаньні валодалі мною зь дзесяці гадоў. Сёньня я думаў, што ведаю адказ, а заўтра – сумняваўся зноў».

Ён заставаўся ў грыхастха-ашраме аж да некалькіх апошніх гадоў свайго жыцьця, але, тым ня менш, вёў жыцьцё маха-бхагаваты, пацьвердзіўшы рэдкім прапаведніцкім стараньніцтвам і выбітнымі багаслоўскімі працамі сваё становішча вечнага спадарожніка Шры Чайтаньі Махапрабху. Да таго як зрачыся сьвету і цалкам пагрузіцца ў любоўнае служэньне Гаўра-Гададхару і Радха-Мадхаву, Бхакцівінод Тхакур быў магістратам і міравым судзьдзём у сьвятым горадзе Пуры, што ў Арысе, на ўсходнім узьбярэжжы Індыі. У часы брытанскага праўленьня ён набыў павагу і пашану нават у ангельцаў ня толькі сваёй дзіўнай інтуіцыяй, што дазваляла яму выносіць бясхібныя вырашэньні часам па ста судовых справах у дзень, але і як вельмі рэлігійны чалавек. «Ён займаў адказны ўрадавы пост у акруговым судзе (вышэйшы суд), забясьпечваючы сям’ю, выхаваную на прынцыпах сьвядомасьці Крышны. Адначасова ён самымі рознымі спосабамі служыў Усявышняму Госпаду. Такім цудоўным было ўсё ягонае жыцьцё! Практычна ўвесь дзень прапрацаваўшы ў судзе, ён адпачываў усяго чатыры гадзіны ў суткі, апоўначы ўставаў і да самай раніцы прысьвячаў сябе літаратурнай працы. Такім быў рэжым яго дня», - пісаў пра яго Бхакціведанта Свамі Прабхупада.

Рэжым дня быў такім, што мала хто змог бы паўтарыць гэта хаця б тыдзень. Не выпускаючы нават невялікай магчымасьці для любоўнага служэньня Крышне, ён кожны дзень прытрымліваўся строгага распарадка. Ён ішоў адпачываць прыкладна а восьмай вечара, але падымаўся ўжо празь дзьве гадзіны, адразу ўключаючыся ў пісьменьніцкую працу да чатырох гадзінаў раніцы. Потым ён адпачываў яшчэ паўгадзіны і ўжо да сямі гадзінаў раніцы паўтараў джапу. Зь сямі гадзінаў раніцы ён паўгадзіны праглядаў пошту, а зь сямі трыццаці да дзевяці з паловай гадзіны вывучаў сьвятыя шастры. Потым Бхакцівінод Тхакур рабіў амавеньне і прымаў прасад, у час якога ён выпіваў пару шклянак малака і зьядаў трохі садавіны і пару прэсных аладак-чапаці. Роўна ў 10 гадзінаў Бхакцівінод Тхакур ужо сядзеў у судзе, зь неспасьціжнай лёгкасьцю і бясхібна вырашаючы часам даволі заблытаныя справы. У гадзіну дня ён адпраўляўся дадому на кароткі адпачынак, але а другой зноў вяртаўся ва ўстанову, працягваючы разгляд цяжбаў і іншых справаў да пяці вечара. Пасьля сканчэньня працоўнага дня Бхакцівінод Тхакур ішоў дамоў, каб на пару гадзінаў пагрузіцца ў пераклад шастраў з санскрыту на бэнгалі. Потым ён ізноў рабіў амавеньне, выпіваў пару шклянак малака, зьядаў трохі рысу і чапаці і ў восем гадзінаў ішоў спаць.

Такім чынам, Бхакцівінод Тхакур выдзяляў на сон усяго 3 гадзіны ў суткі, а на духоўнае жыцьцё, якое прадугледжвае ня толькі джапу, але таксама вывучэньне пісаньняў і іх пропаведзь празь пісьменьніцкую працу, ішлі ўсе іншыя гадзіны. Дзіўна, але ў яго была яшчэ і вялікая (па эўрапейскіх мерках) сям’я. Але, нягледзячы на гэта, ягонаму пяру належыць мноства выбітных твораў па філязофіі і багаслоўі бэнгальскага вайшнавізму. А яшчэ ў ягонай шматлікай сям’і нарадзіўся вялікі Бхакцісіддханта Сарасваці Тхакур.

Бхакцівінод Тхакур атрымаў дыкшу ад Шры Віпін-віхары Госвамі, духоўнага настаўніка ў ланцугу вучнёўскай пераемнасьці, якая ідзе ад Шры Джахнавы Маты. Потым ён сустрэў Шрылу Джаганатху даса Бабаджы, які даў яму натхненьне і настаўленьні. Займаючы прэстыжны чынавенскі пост, а таксама валодаючы шырокай эрудыцыяй і духоўнымі якасьцямі, Бхакцівінод Тхакур заставаўся сьціплым, пакорлівым і таварыскім чалавекам. Манахі, што зьбіралі міласьціну, заўсёды пакідалі ягоную хату задаволенымі і шчасьлівымі. Ён быў добразычлівым чалавекам, ніколі нікому не зайздросьціў і нават у спрэчках ніколі не выказваў сваёй незадаволенасьці. Ён ніколі не прамаўляў ні слова, якое магло б параніць пачуцьці іншага чалавека. «Тхакур заўсёды быў адважны і імкнуўся дапамагчы кожнаму. Зьвядучы асабістыя патрэбы да мінімуму, ён быў вельмі непатрабавальным у жыцьці», – расказваў пра яго адзін філёзаф.

Вось што кажа пра якасьці, неабходныя для ўзросту ў духоўным жыцьці, сам Бхакцівінод Тхакур у сваёй «Шаранагаці». Шрынівасачар’я славіць шэсьць Госвамі Ўрындавана словамі: нана-шастра-вічаранайка-ніпунаў/сад-дхарма самстхапакаў/локанам хіта карынаў… - «Шэсьць Госвамі Ўрындавана вывучылі ўсе шастры для таго, каб зацьвердзіць вечныя рэлігійныя прынцыпы на выгоду ўсіх і кожнага». Падобна гэтаму Бхакцівінод Тхакур зрабіў вельмі шмат дзеля дабра чалавецтва. І таму яго заслужана называюць «сёмым Госвамі».

Біёграфы адзначаюць тры выбітныя дасягненьні Шрылы Бхакцівіноды Тхакура:

1. Ён напісаў 100 кніг на тэмы духоўнага жыцьця.

2. Ён выявіў месца зьяўленьня Госпада Чайтаньі.

3. Ён увёў мноства новаўвядзеньняў у мастацтва пропаведзі.

Апроч кніг (на бэнгалі, орыя і ангельскай), якія ўдыхнулі новае жыцьцё ў пасланьне Шры Чайтаньі Махапрабху і растлумачылі яго, Бхакцівінод Тхакур напісаў сотні паэмаў і песень, прасякнутых духоўнымі эмоцыямі і сідханта-шастрай (філязофскімі высновамі). Ягоныя працы зрабілі патаемныя настаўленьні Шры Чайтаньі Махапрабху даступнымі разуменьню сучаснага чытача, будучы выкладзены пераканаўчаў, прасякнутай духам адданасьці мовай. Вось толькі некаторыя зь яго ўнікальных твораў: «Шры Крышна-самхіта», «Кальяна-калпатару», «Шры Чайтанья-шыкшамрыта», «Шры Навадвіпа-дхама Махатм’я», «Джайва-дхарма», «Шры Харынама-чынтамані», «Бхаджана-рахасья», «Гіта-мала», «Гітавалі», «Шаранагаці», камэнтары да «Бхагавад-гіты» і «Чайтанья-чарытамрыты». Ён апублікаваў сваю «Шры Чайтанья Гіту» пад імем Сатчыдананды Прэмаланкары, у сувязі з гэтым яго пачалі называць Сатчыданандам Бхакцівінодам Тхакурам.

У «Гітавалі» Бхакцівінода Тхакура ёсьць такія словы: «Ці зможа той, хто ня можа пакланяцца лотасавым стопам Шры Радхікі, абіцелі ўсяго спрыяльнага; той, хто ня можа знайсьці прыстанка ў трансцэндэнтнай абіцелі Ўрындавана, упрыгожаным лотасападобным імем Радхі; той, хто ня мае зносінаў з адданымі Радхікі, сэрцы якіх споўнены мудрасьці і любові Радхікі, калі-небудзь нацешыцца акіянам асалоды густаў адданага служэньня Госпаду Ш’ямасундару?

Паспрабуйце зразумець, што Шры Радхіка – гэта настаўніца мадхур’я-расы (густу шлюбнай любові). Мадхур’я-прэма Радха-Мадхавы прызначана для абмеркаваньня і мэдытацыі. Той, хто цешыцца лотасавымі стопамі Шрымаці Радхарані, знаходзіць лотасавыя стопы Мадхавы, неацэннага скарбу сярод усіх скарбаў. Не прыняўшы прыстанку лотасавых стопаў Радхі, адданы ніколі не сустрэне Крышны. Ведычныя пісаньні сьцьвярджаюць, што Крышна належыць прыслужніцам Шры Радхі. Пакінь жонку, сыноў, сяброў, багацьце, пасьлядоўнікаў, спэкуляцыйнае веданьне і матэрыялістычную дзейнасьць. Проста засяродзься на салодкім служэньні лотасавым стопам Шрымаці Радхарані. Такая адзіная просьба Бхакцівіноды».

За апошнія пяцьсот гадоў месца зьяўленьня Госпада Чайтаньі неаднаразова падпадала затапленьню неўтаймоўнымі водамі Гангі. У 1888 г. Шрыла Бхакцівінод Тхакур адкрыў джанмастхану (месца народзінаў) Шры Чайтаньі Махапрабху ў Ёгапітху, у Шрыдхаме Маяпуры. Шрыла Джаганатха дас Бабаджы Махараджа, вядомы сьвяты сідха і парамахамса-расіка-вайшнаў, пацьвердзіў здагадку Тхакура. Гэта цудоўная вестка хутка данеслася да Брадж-бхумі. Тады Тхакур увёў у Ёгапітху пакланеньне Госпаду Гаўрангу і Шрымаці Вішнупрыі. Адкрыты ўсяму новаму, у 1896 г. ён адправіў ва ўнівэрсытэты ўсяго сьвету кнігу вершаў «Шры Гаўранга-ліла смарана», якая складалася з сарака сямі старонак ангельскага ўступу: «Шры Чайтанья Махапрабху: Ягонае жыцьцё і настаўленьні». Гэты ўчынак караніцца ў гарачым імкненьні пашырыць настаўленьні Госпада Чайтаньі ў краінах Захаду.

Бхакцівінод Тхакур стаў аўтарам трох прадказаньняў:

 

«Хутка зьявіцца асоба, – пісаў ён, – якая будзе вандраваць па ўсім сьвеце і пашырыць настаўленьні Госпада Чайтаньі».

 

Другое ягонае прароцтва абвяшчала: «Вельмі хутка сьпяваньне харынама-санкіртаны пашырыцца па ўсім сьвеце. О, калі ж надыдзе той дзень, калі адданыя Амэрыкі, Англіі, Францыі, Нямеччыны, Расеі возьмуць караталы і пачнуць сьпяваць Харэ Крышна ў сваіх гарадах?»

 

Трэцяе прароцтва: «Калі ж надыдзе той дзень, калі сьветласкурыя замежнікі прыедуць у Шры Маяпур-дхаму, далучацца да бэнгальскіх вайшнаваў і засьпяваюць: «Джая Шачынандана! Джая Шачынандана!» Калі ж надыдзе гэты дзень?»

Трэба адзначыць, як асаблівы знак, што Шрыла Прабхупада зьявіўся ў гэтым сьвеце менавіта ў 1896 г., калі Бхакцівінода Тхакур паслаў свае кнігі праз акіян. Воля Госпада Чайтаньі, жаданьне Бхакцівінода Тхакура і міласьць Шрылы Сарасваці Тхакура дазволілі Абхаю Чаранаравінду Бхакціведанту Свамі Прабхупаду пашырыць настаўленьні Шры Чайтаньі і сьпяваньне Харэ Крышна па ўсім сьвеце. І Прабхупада выканаў тры прадказаньні Тхакура! «Мы павінны прызнаць, што ў сваёй спрадвечнай форме рух сьвядомасьці Крышны (ІСККОН) быў створана Шрылам Бхакцівінодам Тхакурам», - сказаў Шрыла Прабхупада, аддаючы належнае папярэднім ачар’ям.

У 1996 г., праз сто гадоў пасьля таго, як Бхакцівінод Тхакур зрабіў свае знакамітыя прадказаньні, тры тысячы «сьветласкурых адданых» з Амэрыкі, Англіі, Францыі, Нямеччыны, Расеі і пяцідзесяці іншых краінаў сабраліся ў храме ІСККОН Чандрадая Мандзіры ў Маяпуры. Яны далучыліся да тысячы «бэнгальскіх вайшнаваў» і скалынулі сусьвет сьпевам «Джая Шачынандана, Джая Шачынандана, Джая Шачынандана, Гаўра-хары». Уся слава Шрылу Сатчытананду Бхакцівіноду Тхакуру!

У 1914 г., у дзень сыходу Шры Гададхары Пандыта (увасабленьня Шры Радхі), Бхакцівінод Тхакур увайшоў у вечныя гульні Гаўра-Гададхары і Радха-Мадхавы. У Гадрумадвіпе (Навадвіпа) Шры Шры Гаўра-Гададхара, Боствы Бхакцівінода Тхакура, чакаюць вайшнаваў, каб дабраславіць іх у Свананда-сукхада-кунджы. У ніцья-браджа-ліле Радха-Мадхавы Бхакцівінод Тхакур, будучы манджары Камалай, служыць Шрымаці Радхарані. Яго пушпа-самадхі знаходзіцца ў ягоным бхаджан-куціры каля Радха-кунды.

Шрыла Бхакцівінода Тхакур скарыў сэрцы бэнгальцаў і прыцягнуў іх да Вайшнавізму міласьцю сваёй трансцэндэнтнай асобы, сілай літаратурнага дарунка і шырокай пропаведзьдзю. Па ягоным сыходзе жальбавала ўся Бэнгалія, аднак вайшнавы ведалі, што місія Бхакцівіноды Тхакура будзе працягнута ягоным годным пасьлядоўнікам, Прабхупадам Шрылам Бхакцісіддхантам Сарасваці Тхакурам.

(Падрыхтаваў Садху-бхушана дас, чэрвень 2023)
Навігацыя галоўнага мэню