Шры Рама Навамі

Кожны раз, калі рэлігія прыходзіць у заняпад і запаноўвае бязбожнасьць, Я сам сыходжу ў гэты сьвет, о нашчадак Бхараты.

Каб вызваліць праведнікаў і зьнішчыць злодзеяў, а таксама аднавіць асновы рэлігіі, Я прыходжу сюды зь веку ў век.

(«Бхагавад-гіта» 4.7-8)

Калі Госпад прыходзіць у гэты сьвет, Ён не нараджаецца, як звычайныя людзі, а зьяўляецца па Сваёй незвычайнай міласьці. Госпад зьяўляецца кожны раз, калі ўзьнікае неабходнасьць у абароне адданых. Вярхоўны Госпад можа ўвасабляцца ў розных абліччах, напрыклад, такіх як рыба Матс’я, вяпрук Варахадэў, паўчалавек-паўлеў Нрысімха. Для адданых Госпада ўсе Ягоныя формы вельмі прывабныя. Размовы пра гульні Госпада прыносяць адданым найвялікшую асалоду.

Адным з такіх вядомых увасабленьняў Вярхоўнага Госпада зьяўляецца Госпад Рама. Нараджэньне Госпада Рамы адзначаецца як Рама Навамі. Ён зьявіўся ў Трэта-югу, больш за два мільёны гадоў таму. Госпад Рама нарадзіўся ў сям’і караля Дашаратхі і каралевы Каўшальі ў Аёдх’і (старажытны горад у Індыі – заўв.перакладчыка). У Яго было тры малодшых брата Бхарата, Лакшмана і Шатругна.

Вялікі старажытны эпас «Рамаяна» распавядае пра Госпада Раму – вялікага караля, мужа, ідэальнага сына і гаспадара. Госпад Рама быў ідэальным сынам. Ён заўсёды слухаўся Свайго бацьку і вельмі паважаў маці.

Ён быў ідэальным каралём і правіцелем. Госпад Рама правіў 14 000 гадоў. Ягонае праўленьне па сёньняшні дзень называецца Рама Раджа. Калі Госпад Рама кіраваў Сваім народам, у Ягоным каралеўстве не было недахопу ежы і голаду, хваробы нікога ніколі не закраналі. Людзі ў Ягоным каралеўстве былі злучаны зь Ім моцнай любоўю. Яны жылі толькі для таго, каб служыць і дагаджаць Яму.

Ён вельмі строга ставіўся да парушальнікаў парадку і пры неабходнасьці караў іх. Ён быў станісты, моцны, адважны, шляхетны, справядлівы, далікатны, пяшчотны, добры і заўсёды міласэрны да Сваіх адданых і ўсіх грамадзянаў.

Фэстываль Рама Навамі – гэта сьвяткаваньне дня нараджэньня Вярхоўнага Госпада Шры Рамы. Паводле старажытнага ведычнага календара ён прыпадае на вясну. Лічыцца спрыяльным у гэты дзень пасьціцца ў імя Госпада Рамы. Адданыя выконваюць розныя цырымоніі (ахвярапрынашэньні, пуджы) і паўтараюць імя Рамы. У Храмах Рамы, упрыгожаных кветкамі і лісьцем, на працягу дня праводзяцца адпаведныя набажэнствы і выконваюцца бхаджаны. Гісторыі з «Рамаяны» чытаюцца на сьвяточных публічных сходах. Большасьць людзей пасьціцца да поўначы. Адным з важных і папулярных элемэнтаў сьвята зьяўляецца Рамаяна-параяна, прамова пра Рамаяну, якую робіць старэйшы адданы Госпада Рамы.

У некаторых рэгіёнах Індыі, дзе асабліва шануюць Госпада Раму, фэстываль доўжыцца дзевяць дзён, пачынаючы з Угадзі (сьвята Новага года паводле індускага месяцовага календара – заўв.перакладчыка) і заканчваючы Рама Навамі. Гэтая традыцыя ярка праяўлена ў сьвятых месцах, зьвязаных з жыцьцём Госпада Рамы: Аёдх’я ў штаце Ўтар-Прадэш, Бхадрачалам у Андхра-Прадэш, Рамешварам у Таміл-Наду.

Галоўнае прызначэньне гэтага сьвята палягае ў тым, што асоба Госпада Рамы ўвасабляе ідэальнага сына, сумленнага мужа, праведнага караля, любячага брата і ідэальнага чалавека, таго, хто ідзе праведным шляхам у жыцьці, нягледзячы ні на што. Ён таксама быў сапраўдным увасабленьнем чалавечнасьці. Сьвяткаваньне Рама Навамі – гэта асаблівая нагода ўспомніць усе высакародныя ўчынкі, зьдзейсьненыя Госпадам Рамам. Такім чынам, гэта ня толькі фэстываль, дзе можна атрымаць асалоду і павесяліцца, але і магчымасьць атрымаць практычны досьвед духоўнага дасканаленьня. Гэта сьвята дабра і ягонай перамогі над усім злом. Сьвятыя месцы, зьвязаныя з Рамам, такія як Аёдх’я, Уджайн і Рамешварам, прыцягваюць дзясяткі тысячаў вернікаў. У Рамешвараме тысячы паломнікаў прымаюць рытуальнае амавеньне ў моры і пакланяюцца Госпаду Раме. Ува многіх месцах ў Паўночнай Індыі праводзяцца сьвяточныя кірмашы. Кульмінацыяй фэстывалю зьяўляецца ўражвальны фэервэрк на Рама Навамі.

Дзень нараджэньня Шры Рамы насамрэч ёсьць падзеяй, якую варта памятаць усім, хто шануе ацэненыя часам высокія каштоўнасьці чалавечай культуры і цывілізацыі. Адданыя ня сьпяць у дзявятую ноч у чаканьні нараджэньня Госпада Рамы. Выконваецца яг'я, сьпяваюцца рэлігійныя песьні ў гонар Госпада Рамы. Адданыя калыхаюць Ягоны вобраз у калысках, сьвяткуючы Ягонае нараджэньне. На наступную раніцу зьдзяйсьняецца асаблівае набажэнства ў знак удзячнасьці за Ягоную міласэрнасьць. Рама Навамі – урачыстае сьвята, якое прыносіць адданым Госпада сапраўднае шчасьце й радасьць. Гэта дае ім сілу і мужнасьць змагацца з усімі жыцьцёвымі цяжкасьцямі.

Рама азначае «асалода», і таму Госпад Рама дае асалоду ўсім тым, хто памятае Яго і моліцца Яму. Таму давайце ўсе памятаць пра дзеі і запаветы Госпада Рамы, прытрымлівацца іх і дасягаць шчасьця.

На аснове: iskconmumbai.com
Навігацыя галоўнага мэню