Аюрведа – мэдыцына

img

Аюрведа вучыць, што здароўе прасьцей падтрымліваць, чым папраўляць. Зарука здаровага жыцьця паводле аюрведы палягае ў паўнавартым вэгетарыянскім харчаваньні, целавай і душэўнай чысьціні, дабрыні і веры ў Бога. «Прымаючы лекі, помні пра Бога», раіць старажытны мэдычны трактат.

Аюрведа, традыцыйная сыстэма лекаваньня, заснаваная на ўжываньні прыродных сродкаў, зьяўляецца нават больш старажытнай, чым кітайская мэдыцына. Асновы аюрведычнай навукі былі выкладзены ў «Атхарваведзе» яшчэ пяцьдзясят стагодзьдзяў назад. Паводле паданьняў, аюрведычная навука, створаная Дханвантары – адным з увасабленьняў Вішну, утрымвае дэталёвае апісаньне складанай мэтодыкі лячэньня.

Гэта навука была сыстэматызавана 2500 гадоў назад мудрацамі Чаракам і Сушрутам, якіх лічаць бацькамі-заснавальнікамі старажытнай мэдыцыны. Сушрута, родапачынальнік аюрведычнай хірургіі, выканаў такія складаныя апэрацыі, як кесараў перасек. Працы Чаракі і Сушруты «Чарака-самхіта» і «Сушрута-самхіта» ня страцілі актуальнасьці й дасёньня. Гэтыя кнігі па мэдыцыне высока шануюцца, бо іхныя аўтары – старажытныя ведычныя лекары, былі містыкамі, прасьветленымі мудрацамі (рышы), здольнымі разумець унутраны мэханізм чалавечага цела дзякуючы праніклівасьці, дасягнутай з дапамогай мэдытацыі. Каб пераканацца, наколькі вялікімі былі дасягненьні ведычнай мэдыцыны, дастаткова параўнаць іх з адкрыцьцямі сучаснай мэдыцыны (ў ведычных трактатах, напрыклад, дэталёва апісана памесячнае разьвіцьцё зародка).

Аюрведа ўтрымвае шырокія веды ў розных дысцыплінах: ад пэдыятрыі, акушэрства, гінэкалёгіі, тэрапіі і оталарынгалёгіі да плястычнай хірургіі, пратэзаваньня й анэстэзіялёгіі. Аюрведа тлумачыць розныя псыхафізычныя станы чалавека дзеяньнем трох дошаў (сілаў): вата (паветра, ці ветру), піта (агню, ці жоўці) і капха (зямлі, ці флегмы). Чалавечы арганізм залежыць ад таго, якая з гэтых сілаў пераважае. Хваробы, сьцьвярджае аюрведа, узьнікаюць з-за таго, што парушаецца гарманічнае спалучэньне жыцьцёвых энэргіяў, то бок чалавек захворвае, калі вяршынствуе «няправільная» доша.

Паводле аюрведы, здароўе можна вярнуць, калі прывесьці ў патрэбную раўнавагу дошы. Гэтага можна дасягнуць праз унясеньне зьменаў у харчаваньне чалавека, правільны рэжым, гігіену, зьмену ўмоваў навакольнага асяродзьдзя і складу думак. Прытрымліваньне пэўнай дыеты і лекаваньне травамі зьяўляюцца найважным складнікам аюрведычнай навукі і для кожнага чалавека яны вызначаюцца ў залежнасьці ад ягонага тыпу целаскладу, або канстытуцыі.

(Падрыхтаваў Садху-бхушана дас, лістапад 2022)
Навігацыя галоўнага мэню